Мікалай Міхайлавіч Федарэнка нарадзіўся 23 студзеня 1922 года ў вёсцы Рагазіна Аршанскага раёна ў сялянскай сям’і.
У 1938–1941 гадах ён вучыўся ў Магілёве ў гарадской студыі выяўленчага мастацтва. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, франтавымі дарогамі прайшоў да Берліна. Мастак заўсёды меў у кішэні аловак, нататнік ці нейкую паперчыну. І ў хвіліны вольнага часу, у тым ліку пасля жорсткіх баёў з фашыстамі, маляваў франтавыя сюжэты, рабіў побытавыя замалёўкі і партрэты баявых таварышаў.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Магілёў i заняўся творчай дзейнасцю.
У пасляваенны час працаваў пераважна ў жанры індустрыяльнага і лірычнага пейзажу. Лепшыя творы – “Бярозкі. Восень”, “Сонечны дзень”, “Беларускі пейзаж”, “Калгасныя фермы”, “Пачатак вясны”, “Крычаўскі цэментны завод”, “Магілёўская фабрыка штучнага валакна”, “Мая Магілёўшчына” і інш. Творы вызначаюцца пластычнай завершанасцю, гарманічным каларытам, эмацыянальнай насычанасцю, ясным светаадчуваннем.
У мастацкіх вернісажах Мікалай Федарэнка удзельнічаў з 1957 года. Неаднаразова знаёміў са сваёй творчасцю і аршанцаў.
У 1962 годзе Мікалай Федарэнка прыняты ў члены Саюза мастакоў Беларусі.
Памёр М.М. Федарэнка 1 верасня 2000 года.
Сын Микалая Михайлавича Святаслаў Федарэнка – таксама мастак - частку работ бацькі перадаў у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А ў мінулым годзе арганізаваў тэматычную выставу "Дарогамі перамог. Бацька і сын Федарэнкі", прысвечаную 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На ёй былі прадстаўлены замалёўкі Мікалая Федарэнкі, удзельніка партызанскага руху, салдата Чырвонай Арміі, зробленыя ў 1943 - 1945 гадах. Прадстаўлены таксама асабістыя рэчы мастака, фотаздымкі, каштоўныя дакументы. І, вядома ж, частку экспазіцыі займалі карціны Святаслава Федарэнкі, які прысвяціў выставу памяці бацькі, а таксама ўсім мастакам-ветэранам.
